17 чэрвеня 2010 года, №9 (1076)
ІНТУІЦЫЯ НЕ ПАДВЯЛА!
Калі чуеш, што дзяўчына займаецца самба, адразу ўзнікаюць асацыяцыі са спартыўнымі танцамі. І зусім забываеш, што самба — гэта яшчэ і від барацьбы. Мне здаецца, мая суразмоўца магла б з поспехам выконваць самы папулярны танец бразільскіх карнавалаў, але яна выбрала іншы шлях. Знаёмцеся: майстар спорту па дзюдо і самба, неаднаразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы, пераможца шматлікіх міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку Гульняў краін Балтыі і СНД, студэнтка 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Кацярына ФІЛІНОВІЧ. У мінулым годзе яна заняла першае месца па вольнай барацьбе на Рэспубліканскай універсіядзе. Гэта ўнушальны, але далёка не поўны спіс яе званняў і перамог. Аднак памяць найбольш трывала захоўвае самае першае спаборніцтва…
— У першы раз я выступіла ў сваім родным горадзе — Лепелі. На той момант мне было каля трынаццаці і я амаль год празаймалася ў секцыі дзюдо. Прыйшла туды з-за цікавасці ўслед за сваім братам, але ў адрозненне ад яго засталася і стала шмат трэніравацца. Першае спаборніцтва прынесла і першае прызавое месца — тады я стала трэцяй.
— Гэта паслужыла для цябе стымулам?
— У некаторым сэнсе. З дзевятага класа мяне прынялі ў вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе прыходзілася працаваць у вельмі напружаным рэжыме. Тут я загартавалася маральна і фізічна, навучылася дысцыплінаванасці і цярплівасці. Гэтыя якасці спатрэбіліся мне і надалей, у тым ліку і для вучобы ў нашым універсітэце.
— Каця, ты з’яўляешся членам зборнай БДПУ па дзюдо і вольнай барацьбе. А як складваюцца адносіны з «калегамі па цэху»?
— Мы ставімся адзін да аднаго даволі прыязна. Канкурэнцыя і спартыўны азарт з’яўляюцца непасрэдна ў час паядынку, але гэта толькі 5—10 хвілін. Увогуле, са многімі дзяўчатамі-спартсменкамі я сябрую, мы адна адну разумеем падтрымліваем. Так што абыходзіцца без «палак у колы»!
— Што падштурхнула да паступлення менавіта ў педагагічны універсітэт?
— Мне часта задаюць такое пытанне, і я заўжды адказваю: гэта было інтуітыўнае рашэнне. Сапраўды, выбар навучальнай установы перада мной стаяў, але я амаль адразу спынілася на БДПУ. Цяпер, паспрабаваўшы сябе ў педагагічнай дзейнасці, разумею, што інтуіцыя не падвяла. Ужо год я працую кіраўніком гуртка ў Дзіцячым юнацкім клубе фізічнай падрыхтоўкі № 19. Мне здаецца, што кожны студэнт павінен яшчэ падчас вучобы набыць сапраўдны педагагічны вопыт — гэта дапаможа пазбегнуць расчараванняў у прафесіі. Я сваёй працай задаволена і ўжо атрымала неафіцыйнае запрашэнне на працу па размеркаванні!
— Ці значыць гэта, што твая галоўная спартыўная вышыня пакорана?
— Не люблю загадваць, тым больш што ў спорце гэта справа няўдзячная. Пакідаць трэніравацца я, вядома ж, не збіраюся, але для мяне не губляюць важнасці і іншыя рэчы: каханне, сям’я, сябры… Цудоўна, калі можна ўсё гэта спалучаць!
— І на развітанне…
— Хочацца павіншаваць жаночую зборную БДПУ па вольнай барацьбе з трэцім месцам на Рэспубліканскай універсіядзе. А яшчэ — выказаць удзячнасць дэкану факультэта фізічнага выхавання М.М. Круталевічу і майму трэнеру Ю.М. Павукову за ўсебаковую падтрымку і разуменне.
Гутарыла Вераніка МАНДЗІК
__________________________________________________________________________
27 мая 2010 года, №7 (1075)
ALTIUS, FORTIUS, CITIUS
15 мая ў галоўным спартыўным збудаванні сталіцы — мнагапрофільным культурна-спартыўным комплексе «Мінск–Арэна» былі названы пераможцы Рэспубліканскай універсіяды 2009 года. Прыемна адзначыць, што спартсмены Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка занялі 5-е агульнакаманднае месца сярод зборных 42 ВНУ Рэспублікі Беларусь.
Падвядзенне вынікаў мінулага года стала прэлюдыяй да ўрачыстага адкрыцця Рэспубліканскай універсіяды-2010 і стартам для спаборніцтваў бягучага каляндарнага года. Так, больш за 300 студэнтаў накіраваліся ў Цэнтральны спартыўны комплекс Віцебска, дзе праводзіліся спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Дарэчы, спартсмены БДПУ занялі там 5-е месца.
Спаборніцтвы праводзіліся і на мінскіх пляцоўках. На сённяшні дзень мы можам гаварыць пра поспех зборнай БДПУ па вольнай барацьбе: 2-е месца ў хлопцаў і 3-е ў дзяўчат. Някепскія вынікі паказалі каратысты — яны сталі пятымі ў агульнакамандным заліку. Заслужаную «бронзу» заваявалі нашы студэнты ў спартыўным арыентаванні. Што да плыўцоў і аматараў грэка-рымскай барацьбы, то тут 6-е і 7-е месцы адпаведна.
Старт круглагадовай Універсіяды-2010 адбыўся. І няхай алімпійскі дэвіз Altius, Fortius, Citius, што перакладаецца як «Хутчэй, вышэй, мацней», трактуецца не толькі як фізічнае пераўзыходжанне, але і як маральная моц і стойкасць на шляху да спартыўных перамог.
___________________________________________________________________________
8 красавіка 2010 года, №5 (1072)
«Мой дэвіз — не здаваць пазіцый»
Кажуць, што сціпласць — якасць сапраўдных герояў. А яшчэ гавораць, што дзюдо і самба — не жаночыя віды спорту. Мая сённяшняя суразмоўца з’яўляецца яскравым пацверджаннем першай ісціны, але ёй не раз даводзілася абвяргаць другую. Абаяльная дзяўчына, паспяховая спартсменка і адначасова выдатніца вучобы — усё гэта пра яе, студэнтку 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Надзею Барысюк. Яна не толькі дасягнула вышынь у спорце (II месца на чэмпіянаце свету па самба), але і сваім прыкладам даказала: нават паступіўшы на платную форму атрымання адукацыі, абсалютна рэальна перавесціся на бюджэтную.
— Надзя, жыццё спартсмена — гэта трэніроўкі, зборы і спаборніцтвы. На вучобу, як правіла, часу не хапае…
— На працягу першых двух курсаў я амаль не прапускала заняткаў і старанна рыхтавалася. І ў выніку пасля першага года навучання мне панізілі аплату на сорак працэнтаў, а пасля другога перавялі на бюджэт. Пры паступленні мне не хапіла аднаго бала. Я праходзіла на агульных умовах, у мяне яшчэ не было тады спартыўных дасягненняў, якія б забяспечылі нейкія прывілеі пры залічэнні. Ды і нарматывы былі даволі высокімі: напрыклад, трэба было скокнуць у даўжыню на два метры дваццаць сантыметраў. Але я вырашыла даказаць, што маю права вучыцца бясплатна. Пасля, калі прайшла адбор на Еўропу, стала складаней: трэніроўкі і зборы сапраўды займалі шмат часу. Але «пазіцый» сваіх не здала. Зараз асабліва цяжка: практыка, курсавое праектаванне і бясконцыя трэніроўкі (зусім хутка чэмпіянат РБ, турнір ва Украіне). Відаць, мне дапамагае мая дысцыплінаванасць, а яшчэ — спагадлівае стаўленне выкладчыкаў.
— Цікава, а як адносяцца бацькі да твайго захаплення не зусім жаночым відам спорту?
— Па волі лёсу менавіта дзякуючы маме я стала сур’ёзна трэніравацца. Яна працавала ў райана, і аднойчы ёй па справах давялося сустрэцца з трэнерамі. Яны і прапанавалі ёй прывесці дачку на заняткі. Гэта было ў 9-ым класе, а на наступны год мяне як перспектыўную спартсменку ўзялі ў Брэсцкае гарадское вучылішча алімпійскага рэзерву. Зараз мама, калі бачыць мае траўмы (напрыклад, з чэмпіянату свету я прыехала дадому з вывіхам локця), то адгаворвае ад далейшых трэніровак. Хоць, я думаю, у душы радуецца маім перамогам. Другая справа — тата: ён падтрымлівае мае спартыўныя амбіцыі, не дазваляе пасаваць перад цяжкасцямі, апускаць рукі пры няўдачах. Былы ваенны, ён з дзяцінства прывучыў мяне да дысцыпліны, што зараз мне вельмі патрэбна.
— Якое са спартыўных дасягненняў з’яўляецца асабіста для цябе найбольш важным?
— Першая мая выйграная «рэспубліка»: першынства РБ сярод моладзі да 23 гадоў. Напэўна, таму, што я заўжды не дацягвала да першага месца, станавілася другой або трэцяй. Не магла справіцца з хваляваннем, настроіцца — не хапала літаральна аднаго кроку. А тут сабралася і перамагла і саму сябе, і саперніцу. Прычым зыход паядынку вырашыўся ў апошнія некалькі секунд. Тады я ўпершыню адчула, што маю права ганарыцца.
— Не за гарамі пяты курс і размеркаванне. Ці думала ты над сваёй прафесійнай самарэалізацыяй?
— Ну вядома: я загадзя клапачуся пра размеркаванне, шукаю працоўнае месца ў Брэсце. Я хачу займацца трэнерскай дзейнасцю — дзеля гэтага і паступала ў педагагічны універсітэт. Зараз праходжу практыку ў ліцэі БДУ. Настаўнік, за якім мы замацаваны, вельмі адказна ставіцца да сваёй справы, і нам не дазваляе «халявіць»: мы прысутнічаем на ўсіх занятках, праводзім пробныя ўрокі. Пасля такой падрыхтоўкі і заліковыя ўрокі даваць не страшна. Тым больш, што мне дапамагае спартыўныя практыка: я ўжо на памяць ведаю многія комплексы практыкаванняў. Так што са зместавым напаўненнем урокаў праблем не ўзнікае.
— Ці ёсць у цябе нейкі ідэал настаўніка?
— Ідэал настаўніка і чалавека для мяне — мой першы трэнер, «дзяржаўны тата». Ёсць рэчы, пра якія я не магу пагаварыць нават са сваімі бацькамі — не таму, што я ім не давяраю, а таму, што яны проста не зразумеюць. А гэта чалавек, які дасць добрую параду, пашкадуе і падтрымае. Ён ніколі не ўшчувае за прайграныя спаборніцтвы, проста надзвычай тактоўна ўказвае на памылкі і дае парады. А ў спорце так лёгка паддацца эмоцыям і павысіць голас… Мне хацелася б быць падобнай да яго.
— Увогуле, наколькі распаўсюджаны такі від спорту, як дзюдо, у БДПУ?
— На універсіядзе мінулага года наша каманда па дзюдо ў складзе пяці чалавек (хлопец і чатыры дзяўчыны) стала трэцяй, абышоўшы БДУФК. Да гэтага лепшым вынікам было сёмае месца. Так што, як бачыце, прагрэс відавочны. Будзем спадзявацца, што ўсё больш спартсменаў стане займацца барацьбой, каб палепшыць гэты вынік.
— А мы ў сваю чаргу будзем спадзявацца, што тваё, Надзея, першае месца на чэмпіянаце свету яшчэ наперадзе. Поспехаў табе!
Вераніка Мандзік
Алімпійскае «Зялёнае»
Наяўнасць трывалых і ўсеагульна любімых традыцый — адна з прыкмет сталасці. З другога боку, кожнае наступнае пакаленне прыўносіць у іх непаўторны запал маладосці. Усё гэта ў поўнай меры адносіцца да спартыўных мерапрыемстваў, спаборніцтваў, святаў і асабліва да Дзён здароўя, якія штогод праводзяцца ў БДПУ. Сёлета я ў чарговы раз упэўнілася: быць здаровым, моцным і прыгожым пад сілу кожнаму, і такое імкненне ў студэнтаў і выкладчыкаў нашай alma mater — таксама традыцыя!
Пагодным зімнім днём 13 лютага на аграбіястанцыі «Зялёнае» было людна і весела: святочны настрой актыўна падтрымлівалі творчыя калектывы, а бадзёрасці прыдаваў шчыры марозік. Ці даводзілася вам хоць раз у жыцці змагацца з мядзведзем, а тым больш перамагчы ляснога жыхара? Удзельнікі мерапрыемства мелі такую магчымасць, і, трэба сказаць, нават некаторыя прадстаўніцы слабога полу аказаліся мацнейшымі за касалапага. Аматары менш экстрэмальнага адпачынку маглі праверыць сябе на меткасць: патрапіць дроцікам у «яблычка» ці мячыкам па «вавёрцы». Ну і, вядома ж, атрымаць за гэта прыз! А яшчэ кожны мог узяць напракат лыжы і пакарыстацца тым, што зіма ў гэтым годзе выдалася надзвычай снежная.
Але самае галоўнае дзейства разгортвалася на спартыўнай пляцоўцы: тут студэнты ўсіх факультэтаў, а таксама выкладчыкі спаборнічалі ў сіле, спрытнасці, хуткасці і вынослівасці. Пераадольванне турысцкай паласы перашкод, стральба з пнеўматычнага пісталета, лыжныя эстафеты, перацягванне каната — чым вам не зімовыя Алімпійскія гульні? І ў Ванкувер ехаць не трэба!
«Хлеба і відовішчаў!» — прасілі людзі ў старажытнасці, ды і нашы з вамі сучаснікі не адмаўляюцца ад такой «праграмы». Першая частка жадання была рэалізавана праз частаванне ўсіх прысутных самай сапраўднай, гарачай салдацкай кашай. Асабліва своечасовым такое падсілкаванне аказалася для тых, хто патраціў шмат энергіі падчас спартыўных спаборніцтваў. Што да другой часткі вышэйзгаданай просьбы, то яна таксама была выканана. Цяжка ўявіць сабе больш эфектнае відовішча, чым спальванне на вогнішчы імправізаванай «матухны-зімы». Кожны мог адчуць на сабе магічнае ўздзеянне язычніцкіх абрадаў нашых продкаў. А калі дадаць да гэтага карагоды, песні і народныя гульні — вуаля, сапраўдная Масленіца! Так што, спадзяёмся, хутка снег растане, з’явіцца першая веснавая расліннасць, і аграбіястанцыя «Зялёнае» зноў будзе адпавядаць сваёй назве.
Нарэшце надышоў час узнагароджваць самых-самых, пераможцаў спартыўных спаборніцтваў. Прызы для іх былі прадастаўлены рэктаратам нашай ВНУ, прафсаюзнымі камітэтамі работнікаў і студэнтаў, а таксама грамадскім аб’яднаннем БРСМ. У турысцкай паласе перашкод самымі спрытнымі і хуткімі аказаліся студэнты факультэта дашкольнай адукацыі, а вось у лыжнай эстафеце і сярод выкладчыкаў, і сярод студэнтаў перамог факультэт фізічнага выхавання. Лепш за ўсё з пнеўматычнага пісталета страляе выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту В.П. Круталевіч. Студэнты-гісторыкі Аляксандр Карпіцкі і Іван Грыцкевіч занялі ў гэтым спаборніцтве, але ўжо сярод студэнтаў, першае і другое месцы адпаведна. У дартсе не было роўных Т.В. Харашылавай, Г. В. Палякову і Андрэю Кавальчуку. Лепшым спартсменам граматы і падарункі ўручаў рэктар БДПУ, прафесар П. Дз. Кухарчык, які павіншаваў усіх прысутных з тым, што чарговае свята здароўя і маладосці прайшло на «ўра».
Вераніка Мандзік

^
«На старт, увага, марш!» Калі пасля прачытання гэтых слоў вы адразу схамянуліся і адчулі прыліў бадзёрасці — значыць, са спортам вас звязваюць як мінімум сяброўскія адносіны. Нехта ўжо паспеў уявіць сябе пераможцам, які ўзнімаецца на самую высокую прыступку п’едэстала, а хтосьці вырашыў зрабіць першыя крокі на шляху да самаўдасканалення і (чаму б не?) пакарэння алімпійскіх вяршынь.
Усіх, хто сябруе са спортам і неабыякавы да свайго здароўя, аб’яднала свята «Трыумф-2009». Урачыстае адкрыццё 55-й спартакіяды БДПУ папярэднічла яшчэ адной важнай падзеі — дзевяностапяцігоддзю нашай alma mater, якой, безумоўна, прысвячаюцца ўсе спартыўныя дасягненні студэнтаў і трэнераў універсітэта.
Святочную цырымонію адкрыў рэктар БДПУ, прафесар П.Дз. Кухарчык. Пётр Дзмітрыевіч нагадаў прысутным, што мінулы год быў для нас насамрэч паспяховым — на Рэспубліканскай універсіядзе-2008 мы сталі трэцімі сярод сарака шасці ВНУ краіны. Вялікая заслуга ў гэтым людзей, чые імёны сёння на слыху далёка за межамі уні-версітэта і нават краіны, у прыватнасці, чэмпіёна XXV Сусветнай летняй універсіяды Мікалая Шубянка. Мікалай павіншаваў студэнтаў і выкладчыкаў са святам і падзякаваў кіраўніцтву універсітэта за падтрымку студэнцкага спартыўнага руху.
Услед за ўрачыстай часткай мерапрыемства пачаліся спаборніцтвы. У эстафеце ўдзельнічалі тры каманды: матэматычнага факультэта, выкладчыкаў фізічнай культуры і зборная студэнтаў, якія ўваходзяць у склад грамадскіх арганізацый. Прадстаўнікі каманд выкладчыкаў і матфака былі на вышыні і прадэманстравалі цудоўную фізічную падрыхтоўку ў бегу ў абручах, перадачы і вядзенні мяча. Менавіта яны падзялілі паміж сабой першае месца. Члены зборнай грамадскіх арганізацый з не меншым энтузіязмам забівалі «шайбы» ў імправізаваным спаборніцтве па хакеі, віртуозна маніпуліравалі са спартыўным інвентаром, але сталі толькі другімі. У таварыскай сустрэчы па валейболе зборная БДПУ ўступіла зборнай выкладчыкаў і су-працоўнікаў з лікам 1:2. А вось у эстафетах на вадзе, што праводзіліся ў басейне спарткомплексу, сярод шасці каманд не было роўных плыўцам з факультэта фізічнага выхавання. Яны пакінулі далёка за сабой асноўных сапернікаў з ФДА і фізічнага факультэта (2-е і 3-е месцы адпаведна).
Аднак галоўнае дзейства распачалося вечарам у актавай зале, дзе прымалі віншаванні самыя моцныя, спрытныя, хуткія — адным словам, сапраўдныя зоркі спорту нашага універсітэта. Час трыумфу настаў для трох факультэтаў, каманды якіх вось ужо два гады даказваюць сваё лідэрства. Па выніках 53-й і 54-й спартакіяд трэцяе месца заняў факультэт прыродазнаўства, другое заваяваў ФДА, а права называцца чэмпіёнам два гады запар адстойваў факультэт фізічнага выхавання. Менавіта ён атрымаў Кубак чэмпіёнаў БДПУ, які на працягу года будзе захоўвацца ў каманды-пераможцы.
Нашы спартыўныя дасягненні, поспехі ў спаборніцтвах і чэмпіянатах былі б немагчымымі без працы вя-лікай колькасці людзей — таленавітых і адданых сваёй справе педагогаў і арганізатараў. Іх дзейнасць таксама не засталася па-за ўвагай кіраўніцтва, і на свяце «Трыумф-2009» прагучалі прозвішчы самых актыўных. Тытул «Лепшы кіраўнік спартыўнай секцыі» атрымала Ганна Хацяновіч (секцыя аэробікі), у намінацыі «Лепшы адказны па фізічнай культуры на факультэце» перамог Юрый Мікалаевіч Павукоў (ФФВ), а трэнерам года стаў Сяргей Аркадзьевіч Траско. Лепшай зборнай па выніках мінулага навучальнага года назвалі зборную БДПУ па таэквандо.
Многім вядома пачуццё спартыўнага азарту, калі мы хварэем за любімую каманду. А вось зведаць пачуццё спартыўнага гонару шчасціць не кожнаму. Лаўрэатамі спецыяльнай намінацыі «Спартыўны гонар БДПУ» сталі Анастасія Самусевіч, Мікалай Шубянок, Юрый Шаюноў, Максім Міхалевіч, Марыя Кузняцова. А прыз рэктара БДПУ «Адкрыццё года» быў уручаны асабіста П.Дз. Кухарчыкам жаночаму футбольнаму клубу «Мінчанка».
Што ж, вынікі падведзены, кубкі і ўзнагароды знайшлі сваіх гаспадароў, юбілейная 55-я спартакіяда распачата. Мы будзем чакаць новых перамог і медалёў, а ў тым, што яны будуць, няма ніякага сумнення. Бо ў вачах сёлетніх трыумфатараў можна прачытаць і ўдзячнасць, і запал, і жаданне пакараць усё новыя і новыя вяршыні.

___________________________________________________________________________________
3 верасня 2009, № 11 (1060)
Cпартыўны комплекс універсітэта запрашае ў басейн работнікаў, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў БДПУ, а таксама ўсіх, хто клапоціцца пра сваё здароўе. Адміністрацыя прапануе шэраг платных паслуг, сярод якіх — аздараўленчае плаванне, навучанне плаванню і заняткі аквааэробікай!
Ö для студэнтаў дзённай формы навучання — 3220 руб.;
Ö для студэнтаў завочнай і вячэрняй формы навучання,
а таксама для супрацоўнікаў БДПУ — 4030 руб.;
Ö для ўсіх астатніх жадаючых — 8060 руб.
Кошт наведвання аднаго занятку па навучанні плаванню складае:
Ö для студэнтаў і супрацоўнікаў — 7150 руб.;
Ö для ўсіх жадаючых — 13000 руб.
Расцэнкі на заняткі аквааэробікай наступныя:
Ö для студэнтаў і супрацоўнікаў — 7150 руб. за наведванне;
Ö для ўсіх жадаючых — 11910 руб.
Дадаткова нагадваем! Пры наведванні басейна пры сабе неабходна мець:
n квіток аплаты за заняткі (аплата ажыццяўляецца ў аддзяленні 333 АСБ «Беларусбанк», вучэбны корпус БДПУ № 2);
n медыцынскую даведку (форма №1);
n фотаздымак памерам 3´4.
Усе даведкі па тэл.: (017) 200-55-42.


